Отправлено 15 Январь 2010 - 22:13
Вот еще про ДЗЕДА
Простите, камрады, что по белорусски, надеюсь, поймете
Параўнальна невялікі, але унікальны экспанат захоўваецца і дэманструецца ў Парку камянёў (аддзел “Камень у жыцці чалавека”), што месціцца ў Мінску ў мікрараёне Уручча. Гэта яйкападобны валун з ружавата-чырвонага граніту рапаківі вышынёй 1,25 метра, які нашы продкі называлі Дзед, ці Стары. Ён адметнага кіроўнага саставу і прынесены ў Беларусь ледавіком з паўднёвай Фінляндыі каля 110-130 тысяч гадоў назад. Раней валун ляжаў у цэнтры Мінска каля стадыёна “Дынама”, паміж вуліцамі імя Леніна, Ульянаўскай і Чырвонаармейскай (на былой вуліцы Лодачнай), на беразе Свіслачы. Трапіў у парк камень выпадкова: будаўнікі, якія ўпарадкоўвалі бераг Свіслачы, збіраліся закапаць яго на глыбіню больш як два метры. І знік бы назаўсёды гэты унікальны валун, калі б нашаму інстытуту не паведаміла пра яго журналіст Рэгіна Гамзовіч.
У даўняй культуры беларускага народа камень абагаўляўся і стаяў у адным шэрагу з такімі святымі для чалавека дарункамі прыроды, як дрэва, агонь і вада. Вядома, што ва ўсходніх і балтыйскіх славян з дахрысціянскіх часоў былі шырока распаўсюджаны культавыя месцы — так званыя свяцілішчы ці капішчы (капъ — славянскае найменне статуі Бога) — месцы маленняў і ахвярапрынашэнняў. Узніклі яны ў каменным веку і найчасцей прысвячаліся Перуну. Пры гэтым ушаноўвалі камяні і святыя дрэвы (асабліва дуб — дрэва Перуна).
Па ўсіх прыкметах куток у старым Мінску, дзе ляжаў валун, быў такім культавым месцам, ці язычніцкім капішчам, куды прыходзілі прасіць дапамогі. Больш за стагоддзе таму гэта частка Мінска ўяўляла сабой глухі забалочаны лес на беразе Свіслачы. На асобных сухіх мясцінах сярод асін і бяроз, вольхі і елак трапляліся дубы. Тут у схаваным ад чужых вачэй кутку і месцілася капішча, якое называлі “Малельня ля каменя”. Гэта была прамавугольная пляцоўка памерам каля 300 квадратных метраў. Нейкі час яна была выкладзена драўлянымі плахамі (глядзі малюнак 3). Адзін край гэтага памоста абапіраўся на палі і навісаў над вадой. З трох бакоў пляцоўку акаляла драўляная агароджа з яловых жэрдак вышынёй да 1,8 метра. Агароджа мела два ўваходы. У цэнтры пляцоўкі ўзвышаўся дуб на чатыры абхваты, на які вешалі ручнікі і стужкі. Дрэва лічылася святым і звалася Волатам. Збоку ад дуба з невялікіх камянёў слупком было выкладзена круглае вогнішча метровым папярочнікам, дзе заўжды падтрымлівалі агонь. Вогнішча звалі Агнём ці Жыжаю.
На другім баку пляцоўкі за тры метры ад ракі ляжаў вялікі камень Дзед (Стары). Побач з ім у насціле была высечана адтуліна, а пад ёй у ямцы бруіла крынічка: яна лічылася святой, а вада — гаючай. У капішча прыносілі ахвяры. Месца заўсёды было дагледжана, таму што мела святара, якога звалі чараўніком або ведзьмаком. Святар лячыў розныя хваробы людзей і жывёл, умеў адвесці няшчасці і шмат чаго іншага.
Трэба адзначыць, што назву “Малельня ля каменя” капішча атрымала нездарма. Менавіта каменны Дзед, ці Стары, быў галоўным элементам пакланення, і больш за ўсё ахвяраванняў прыносілі да яго. Лічылася, што лепей за ўсіх ён дапамагаў жанчынам. Хворыя жанчыны апярэзвалі валун фартухамі, а дзяўчаты, якія жадалі ўзяць шлюб, абвязвалі камень ручніком, вытканым сваімі рукамі. Людзі лічылі камень галоўным і самым вялікім святым у гэтай малельні. Цікава, што яны прыходзілі сюды і пасля таго, як пабудавалі царкву. Спачатку людзі ішлі ў царкву, дзе рыхтаваліся да замагільнага жыцця, а потым неадкладныя жыццёвыя праблемы вырашаліся з дапамогай каменя і іншых культавых элементаў “малельні”.
Мінскае капішча не знікла, як іншыя, у далёкім мінулым, а дзейнічала яшчэ і ў пачатку ХХ стагоддзя. Менавіта на беларускай зямлі язычніцтва пратрымалася даўжэй, чым у іншых мясцінах. З апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя, калі ў Мінску праклалі чыгунку і горад пачаў імкліва расці, жандары сталі часта наведвацца сюды, ганяць вернікаў, і капішча разбурылі. На яго месцы застаўся толькі камень — адзіны сведка былога тысячагадовага пакланення беларусаў.
На думку геолагаў і гісторыкаў, для горада і краіны вельмі важна рэканструяваць капішча “Малельня ля каменя”. Неаднойчы Інстытут геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі звяртаўся ў Мінгарвыканкам, Галоўнае архітэктурна-планіровачнае ўпраўленне, Інспекцыю па ахове гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі. Па дамоўленасці з ГалоўАПУ, архітэктурным факультэтам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта быў нават створаны рабочы праект гэтай рэканструкцыі. Было гэта больш за дзесяць гадоў таму, і далей справа з месца не зрушыла. Для аднаўлення гістарычнага капішча неабходна зрабіць памост, вогнішча, пасадзіць дуб і размясціць там камень. На ўпарадкаваную пляцоўку, што будзе сімвалізаваць старажытнае паклоннае месца, Інстытут геалагічных навук НАН Беларусі гатовы вярнуць каштоўны валун, які з’яўляецца помнікам як геалагічнай гісторыі, так і гісторыі нашай краіны.
Стылізаванае язычніцкае капішча дазволіць аднавіць унікальны помнік славянскага культавага дойлідства, які не мае аналагаў у свеце, перагарнуць яшчэ адну найцікавейшую старонку далёкага мінулага беларускай зямлі. Пра гэта марылі вядомыя навукоўцы — гісторык Міхась Кацар і геолаг Эрнэст Ляўкоў. Яны знайшлі шмат гістарычных звестак пра гэтае капішча, а Э. Ляўкоў добра апісаў яго ў сваёй кнізе “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны”, 1992. Гэты помнік — сведка вельмі далёкай гісторыі нашай краіны, калі былі створаны “Аповесць мінулых гадоў” і “Слова пра паход Ігаравы”.
У Мінску няшмат прыродных і гістарычных аб’ектаў, а тыя, што захаваліся, заўсёды выклікаюць цікавасць у людзей. Апошнія два гады на беразе Свіслачы, дзе некалі было капішча, моладзь спраўляе абрад гукання вясны (“ГР” за 28.04.05). Уключэнне гэтага унікальнага аб’екта ў маршруты турызму дазволіць значна пашырыць звесткі пра гісторыю нашай Радзімы.